РЭА́КЦЫІ ХІМІ́ЧНЫЯ,
працэсы ператварэння адных рэчываў (простых і хім. злучэнняў) у інш. рэчывы (прадукты рэакцыі). Суправаджаюцца разрывам хімічных сувязей у малекулах рэчываў, што ўступаюць у рэакцыю (зыходных рэчываў), і ўтварэннем новых сувязей у прадуктах рэакцыі. У адрозненне ад ядзерных рэакцый, якія прыводзяць да ўтварэння новых атамаў, пры Р.х. адбываецца толькі перабудова вонкавых электронных абалонак атамаў. Якасны і колькасны састаў зыходных рэчываў і прадуктаў Р.х. запісваецца пры дапамозе ўраўненняў хімічных. Магчымасць Р.х. і ступень (паўната) ператварэння рэчываў, што ўзаемадзейнічаюць, пры розных умовах (т-ра, канцэнтрацыя ў газавай сумесі ці растворы, ціск) вывучае тэрмадынаміка хімічная, скорасць Р.х. і іх механізм — кінетыка хімічная.
Р.х. падзяляюцца на абарачальныя (гл. Абарачальныя рэакцыі) і неабарачальныя Паводле цеплавога эфекту адрозніваюць экзатэрмічныя Р.х., якія адбываюцца з вылучэннем цяпла (у гэтых рэакцыях энергія, неабходная для разрыву хім. сувязей у зыходных рэчывах, меншая за энергію, што вылучаецца пры ўтварэнні новых сувязей), і эндатэрмічныя Р.х., якія адбываюцца з паглынаннем цяпла. Многія тэрмадынамічна магчымыя Р.х. пры звычайных умовах ідуць з малой (практычна блізкай да нуля) скорасцю Для паскарэння такіх рэакцый выкарыстоўваюць каталізатары (гл. Каталіз). Механізм большасці Р.х. уключае некалькі (гл. Складаныя рэакцыі), а часам дзесяткі і сотні т.зв. элементарных стадый, якія прыводзяць да ўтварэння мала ўстойлівых прамежкавых прадуктаў — свабодных радыкалаў і атамаў, што прымаюць удзел у наступных элементарных стадыях (гл. Ланцуговыя хімічныя рэакцыі). Адбываюцца Р.х. за кошт цеплавога ўзбуджэння (пры награванні), пад уздзеяннем святла (гл Фотахімічныя рэакцыі), іанізавальных выпрамяненняў (радыяцыйна-хімічныя рэакцыі), эл. току, ціску, у плазме (гл. Плазмахімія) і інш. Гл. таксама Акісленне-аднаўленне, Гарэнне, Полімерызацыя, Тапахімічныя рэакцыі.
Літ.:
Тоуб М. Механизмы неорганических реакций: Пер. с англ. М., 1975;
Сайкс П. Механизмы реакций в органической химии: Пер. с англ. 4 изд. М., 1991;
Жданов В.П. Скорость химической реакции. Новосибирск, 1986;
Шелинский Г.И. Основы теории химических процессов. М., 1989.
В.В.Свірыдаў.
т. 13, с. 534
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)